Добро пожаловать!

Гродненский областной союз нанимателей – это добровольное объединение предприятий для представления и отстаивания своих интересов в отношениях с государственными органами и профсоюзами.

Людзі Смаргоншчыны: дырэктар ліцейна-механічнага завода Эдуард Падгайскі.

Нядаўна споўнілася 55 гадоў дырэктару ліцейна-механічнага завода Эдуарду Падгайскаму.
 

Людзі Смаргоншчыны: дырэктар ліцейна-механічнага завода Эдуард Падгайскі
 

Павіншаваць яго з гэтай падзеяй прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчэберака і начальнік аддзела эканомікі Ірына Галдыцкая. Віноўніку ўрачыстасці ўручылі ганаровую грамату за значны ўклад у развіццё прадпрыемства і букет ружаў, выказалі шмат цёплых слоў і пажаданняў.

Карыстаючыся зручным момантам, карэспандэнт газеты пагутарыў з юбілярам.

- Ліцейна-механічнаму заводу я аддаў 18 гадоў свайго жыцця, - сказаў Эдуард Іосіфавіч. - Прабеглі яны хутка і непрыкметна. Здавалася, зусім нядаўна мяне мучылі сумненні: пакідаць завод аптычнага станкабудавання ці не. Перад тым, як прыйсці на ЛМЗ, я 10 гадоў адпрацаваў на ЗАСе. Тады былі не лепшыя часы. На той час намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы быў Анатоль Пятровіч Гнілазуб. Размова з ім была доўгай, і я пагадзіўся ўзначаліць працоўны калектыў ліцейна-механічнага завода.

- Для Вас гэта была новая вытворчасць?

- Адрознівалася ад таго, чым займаўся на ЗАСе. Там было алюмініевае ліццё, тэрмічная апрацоўка, а тут - металургічная ліцейная вытворчасць з чыгуну. Свая спецыфіка. Нават сярод аднапрофільных прадпрыемстваў ёсць пэўныя нюансы. Трэба было прывыкнуць і адапціравацца да новых умоў. Час быў нялёгкі, на заводзе працавалі па 5 дзён у месяц, не было сыравіны, грошай. Але пераадолелі цяжкасці, прадпрыемства пачало працаваць стабільна.

- Што самае цяжкае зведалі Вы ў першыя гады дырэктарства?

- Няпроста было наладзіць кантакты з асноўнымі пастаўшчыкамі сыравіны. Завод завінаваціўся ім. І каб атрымліваць сыравіну, матэрыялы, стабільна працаваць, неабходна было паказаць сябе надзейным партнёрам. Яшчэ падчас працы на ЗАСе я добра ведаў арганізацыю вытворчасці, а камерцыйныя адносіны з пастаўшчыкамі, работа за межамі завода былі для мяне новымі. Прыходзілася пераадольваць пэўныя цяжкасці, вучыцца весці перамовы, пераконваць партнёраў, што мы надзейныя спажыўцы і пастаўшчыкі для некаторых кліентаў. І пры дапамозе прафесіяналаў, якія тут працавалі, маіх намеснікаў, спецыялістаў службы забеспячэння і збыту мы дамагліся свайго, заваявалі імідж надзейнага партнёра. І ўсе наступныя гады паспяхова працавалі ў гэтым плане.

- Падчас Вашага кіравання якія новыя віды прадукцыі з’явіліся на заводзе?

- Калі я прыйшоў на ліцейна-механічны завод, то тут выпускалі толькі 4-5 відаў прадукцыі. У тым ліку цяжкі каналізацыйны люк, які вытрымліваў нагрузку 25 тон. Яго выкарыстоўвалі ўсюды. І на газонах, і на тратуарах. Пазней мы асвоілі ўсю наменклатуру люкаў, пачынаючы з лёгкіх газонных, сярэдніх каналізацыйных. Пачалі выпускаць тэлефонныя люкі. Таксама лёгкія, сярэднія і цяжкія. Намі быў асвоены так званы плаваючы люк. Цяпер больш за 30 найменняў гэтай прадукцыі вырабляецца на заводзе. А калі дадаць вытворчасць замкоў да люкаў і лічыць гэта новым відам вырабаў, то тады падвоіцца колькасць найменняў люкаў. Усё гэта паспрыяла паляпшэнню спраў на прадпрыемстве, павялічыліся аб’ёмы выпускаемай прадукцыі, якую паспяхова рэалізоўвалі як на айчынным, так і замежных рынках.

- Выпуск яшчэ якіх вырабаў быў наладжаны?

- Акрамя люкаў - 25% займаюць іншыя віды прадукцыі: дожджапрыёмнікі, рашоткі для жывёлагадоўчых комплексаў. Іх каля 25 разнавіднасцей. Асвоены новыя віды пячнога ліцця. На заводзе пачалі вырабляць пліты, духоўкі большага аб’ёму, камінныя накладкі, дзверцы са шклом. І на гэтым не збіраемся спыняцца, пастаянна асвойваем новыя віды прадукцыі.

- Што робіцца для таго, каб зменшыць затраты і павялічыць прадукцыйнасць працы?

- На павелічэнне прадукцыйнасці працы паўплывала нядаўняя мадэрнізацыя прадпрыемства. Зманціраваны больш магутныя вагранкі прадукцыйнасцю 7 тон вадкага металу за гадзіну. Ранейшыя былі “пяцітонныя”. Павялічылася не толькі прадукцыйнасць працы, але і аб’ёмы выпускаемай прадукцыі. 

Пры неабходнасці маем магчымасць працаваць у дзве змены. Штоквартальна аналізуем усе артыкулы сабекошту прадукцыі. Як у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, так і ў цэлым затраты, цэны на сыравіну. 

Перыядычна мяняем пастаўшчыкоў. У каго меншая цана, у таго і купляем чыгун і кокс. Гэта ўплывае на зніжэнне затрат. Што датычыць энерганосьбітаў, то за кожным спецыялістам завода замацаваны пэўны ўчастак, на якім ён адказвае за выкарыстанне электраэнергіі, газу. Дзякуючы зніжэнню затрат паспяхова канкурыруем на рынку.

- Вам, як кіраўніку, прыхо-дзіцца вырашаць не толькі што-дзённыя пытанні, але і думаць на перспектыву. Якім будзе прадпрыемства праз некалькі гадоў? Што неабходна ўдасканаліць?

- Планаў у нас многа, былі б фінансавыя магчымасці для іх рэалізацыі. Мы мадэрнізавалі плавільны ўчастак, ваграначны комплекс. А залівачны ўчастак працуе па-старому: заліўка ажыццяўляецца ў кокелі. Хаця яна апраўдвае сябе, бо паспяхова канкурыруем па гэтай тэхналогіі вытворчасці. Але хочацца закупіць больш сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, лініі аўтаматычнай фармоўкі, дзе менш ручной фізічнай працы. Да гэтага этапу мадэрнізацыі зможам прыступіць, калі выплацім крэдыт, які ўзялі на ўжо мадэрнізаваную вытворчасць.

- Эдуард Іосіфавіч, давайце вернемся да Вашага юбілею. Шмат віншаванняў было?

- З самага ранку тэлефанавалі, віншавалі. Вельмі прыемна, што мяне ведаюць у Смаргоні. Тут з’явіліся сябры і калегі. І на заводзе аптычнага станкабудавання не забыліся пра мяне, хаця ўжо шмат гадоў прайшло з таго часу, калі я пакінуў гэта прадпрыемства. Ветэраны нашага завода тэлефануюць і віншуюць з юбілеем. Працоўны калектыў падрыхтаваў для мяне сюрпрыз. Шмат цёплых слоў было выказана роднымі і блізкімі мне людзьмі. Такі вось незвычайны дзень.

Гутарыў Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Вверх