СМИ о Союзе...
СМИ о Союзе
http://www.shliah.by/2014/12/byaspeka-ў-pershuyu-chargu/
Бяспека ў першую чаргу
Пятница, 5.12.2014 08:33. Рубрика: Актуально, Справаздачы і выбары
Удзельнікі пасяджэння саюза наймальнікаў у цэху агрэгатнага завода.
На агрэгатным заводзе адбылося пасяджэнне савета Смаргонскага філіяла Гродзенскага абласнога саюза наймальнікаў. Адкрыў яго старшыня, дырэктар ліцейна-механічнага завода Эдуард Падгайскі. Потым слова было прадастаўлена галоўнаму рэдактару часопіса “Тэндар”, кіраўніку цэнтра кіравання закупкамі і продажам Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ, члену рабочай групы Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь Аляксандру Мураўёву.
Аляксандр Валер’евіч займаецца закупкамі 16 гадоў і мае ў гэтай справе багаты вопыт. Таму ён папрасіў прысутных у зале “ўзброіцца” ручкамі і блакнотамі, запісаць найбольш важнае з таго, што павінен ведаць спецыяліст па закупках, а найперш кіраўнік прадпрыемства. Гэта ў першую чаргу звязана з асабістай бяспекай. Праводзячы мадэрнізацыю вытворчасці, некаторыя дырэктары і галоўныя спецыялісты дапускаюць грубыя памылкі. Летась супраць адказных асоб праваахоўныя органы ўзбудзілі больш за 1400 крымінальных спраў. Апраўдальны прыгавор быў толькі адзін.
Спецыяліст са сталіцы даходліва расказаў кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый аб тым, як правільна паводзіць сябе ў выпадках, калі прапаноўваюць хабар. Аказваецца, трэба ўмець ад яго адмовіцца. Бо калі ціха сядзець і глядзець на канверт… Асабліва ў выпадку аператыўнага эксперыменту, падчас якога выкарыстоўваецца аўдыя-, відыязапіс. Потым будзе вельмі цяжка апраўдацца ў судзе. Тэлефон таксама можа падвесці свайго гаспадара пад крымінальны артыкул. І аб гэтым трэба памятаць.
Конкурсныя камісіі – слабое звяно ў фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў. Іншыя кіраўнікі дбаюць аб тым, каб у іх былі талковыя бухгалтары, бо ад гэтага залежыць справаздачнасць. А вось у конкурсную камісію яны чамусьці ўключаюць некампетэнтных работнікаў, надзяліўшы іх паўнамоцтвамі выбіраць лепшага пастаўшчыка, падрадчыка, выканаўцу паслуг. Але ў выпадку чаго следчага будуць цікавіць не гэтыя слабадасведчаныя людзі, а тое, як з іх дапамогай можна выявіць промахі кіраўніка прадпрыемства.
Яшчэ адна перасцярога для дырэктара. Ён не павінен знаходзіцца на пасяджэнні конкурснай ці тэндарнай камісіі. Каб потым не сказалі, што аказваў ціск на камісію, таму яна прыняла менавіта гэта, а не іншае рашэнне. І калі здарыцца “пракол”, будуць разбірацца кампетэнтныя органы, то крайнім акажацца дырэктар.
Падчас гаспадарчай дзейнасці прадпрыемствы і арганізацыі нярэдка кантактуюць з рознымі фірмамі. Але важна не трапіць на лжэпрадпрымальніцкую структуру. Раней узаемадзеянне з ёю лічылася падатковым парушэннем. Апошнія два гады па выяўленых выпадках кампетэнтныя органы ўзбуджаюць крымінальныя справы. Вінаватага чакае даволі суровае пакаранне – да 14 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Таму перш чым кіраўнік падпіша кантракт ці плацежку, не лішне будзе пераканацца, што гэта за фірма. Праверыць можна на сайце Міністэрства па падатках і зборах, дзе ёсць рэестр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў з павышанай рызыкай учынення злачынстваў у эканамічнай сферы.
Потым гаворка пайшла аб дзейнасці мясцовага філіяла Гродзенскага саюза наймальнікаў. Намеснік старшыні гэтай грамадскай арганізацыі Святлана Салдаценкава паведаміла, што ўдалося спагнаць дэбіторскую запазычанасць з двух гомельскіх прадпрыемстваў на карысць ашмянскай “Белкавы”. Прадаўжаюцца работы па спагнанні дэбіторскай запазычанасці з “Магілёўаграпрамтэхнікі”, якая завінавацілася агрэгатнаму заводу.
У мінулым месяцы ў філіял саюза наймальнікаў звярнуліся кіраўнікі смаргонскага “Плазмавака” і ашмянскага сыраробчага завода з просьбай аб садзейнічанні ў афармленні віз для паездкі ў Еўрасаюз. Дапамогу ў гэтай справе аказвае літоўская канфедэрацыя прамыслоўцаў.
Па лініі саюза наймальнікаў вырашаліся б і іншыя праблемы, якія існуюць на прадпрыемствах, але мала зваротаў кіраўнікоў. Хаця ў іншых раёнах Гродзенскай вобласці ў гэтым плане дырэктары больш актыўныя.
Напрыканцы пасяджэння былі выбраны новыя члены савета Смаргонскага раённага філіяла Гродзенскага абласнога саюза наймальнікаў. Акрамя мясцовых кіраўнікоў у яго ўвайшлі прадстаўнікі Ашмянскага і Астравецкага раёнаў, паколькі і там філіял праводзіць сваю работу.
Аб далейшых планах арганізацыі коратка расказаў дырэктар Гродзенскага абласнога саюза наймальнікаў Уладзімір Якаўлеў. А падвёў вынікі гэтага мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.