І праца, і спорт: трэнажорная Ашмянскага мясакамбіната прываблівае аматараў здаровага ладу жыцця.
Фізічнай культуры і спорту адводзіцца важнае месца ў нашай краіне.
І гэта зразумела. Дзякуючы заняткам чалавек становіцца бадзёрым, актыўным і жыццярадасным, знаходзіцца ў выдатнай фізічнай форме. Аднак на пастаянныя заняткі не заўсёды хапае часу: хатнія абавязкі, сям’я, працоўная дзейнасць — усё гэта знаходзіцца на першым плане. Некаторыя змірыліся з гэтай акалічнасцю і назаўсёды развіталіся з марай займацца спортам, іншыя ж знайшлі выйсце з сітуацыі, запісаўшыся ў басейн або трэнажорную залу, якія магчыма наведваць некалькі разоў на месяц. А ў некаторых трэнажорная зала знаходзіцца побач з працоўным месцам. Так пашчасціла супрацоўнікам ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”.
У 2010 годзе трэнажорная зала гасцінна расчыніла дзверы для наведвальнікаў. Гэта падзея стала магчымай дзякуючы былому дырэктару прадпрыемства Тамары Філіповіч. Яна сама актыўна займалася фізічнай культурай і спортам, таму падтрымала ініцыятыву стварэння спартыўнага пакоя. Адразу ж былі закуплены сучасныя трэнажоры, більярдны стол і іншае спартыўнае абсталяванне. І на прадпрыемстве завіравала жыццё: пасля цяжкай змены супрацоўнікі спяшаюцца ў залу, каб зняць напружанне, падрыхтавацца да спаборніцтваў, або проста выканаць уласны спартыўны мінімум. Інструктарам-метадыстам у зале з’яўляецца Анатолій Шыдлоўскі.
— Адкрыць трэнажорную залу мы планавалі да 110-годдзя мясакамбіната. Так і атрымалася. Яе адкрыццё стала сапраўдным падарункам для супрацоўнікаў. Людзі адразу прыгарнуліся да спорту, а нашы вынікі на спартакіядах і спартыўных злётах сталі яшчэ лепшымі. Многія супрацоўнікі мясакамбіната ў вольны час займаюцца спортам. Кагосьці вабіць атлетыка, хтосьці займаецца бегам, іншыя гуляюць у футбол, валейбол, баскетбол. Традыцыйным стала і правядзенне спартыўных свят, прымеркаваных да розных падзей. Супрацоўнікі мясакамбіната прыходзяць на спартыўныя мерапрыемствы цэлымі сем’ямі. Гэта вельмі радуе.
За дзесяць гадоў зроблена вельмі шмат для папулярызацыі спорту і фізічнай культуры. Юрый Драмлюк, дырэктар мясакамбіната, імкнецца стварыць усе ўмовы для камфортных заняткаў спортам. Трэнажорная зала ўвесь час папаўняецца новым інвентаром. Сам дырэктар з’яўляецца прыкладам для калектыву: займаецца боксам, гуляе ў баскетбол, прымае ўдзел у розных раённых спаборніцтвах. Кіраўнік прадпрыемства лічыць, што для якаснай і плённай работы патрэбны запал і добрая фізічная падрыхтоўка.
Аб высокіх выніках калектыву сведчаць і ўзнагароды. Сцены залы ўпрыгожваюць медалі, дыпломы, граматы, падзячныя лісты і фотаздымкі з турыстычных злётаў, спаборніцтваў, спартыўных свят. Анатолій Шыдлоўскі адзначае, што ёсць на прадпрыемстве аматары спорту, якія не прапускаюць ніводнага мерапрыемства, адстойваюць гонар мясакамбіната на ўсіх спаборніцтвах. Людміла Саламонава, Вольга Зянкевіч, Таццяна Баеўская, Сяргей Кунюта, Аляксандр Войнюш, Павел Саламонаў — гэтыя і многія іншыя спартсмены складаюць актыў прадпрыемства.
— Не ўсе нашы работнікі ставяць мэту дасягнуць высокіх вынікаў у спорце. Некаторыя хочуць засяродзіцца, адпачыць. Для іх арганізаваны заняткі ёгай. Наведваюць іх у сваёй большасці жанчыны. Мужчын вабіць більярд, заняткі на трэнажорах. Гэта дапамагае падтрымліваць добрую фізічную форму і бадзёры настрой, — падводзіць вынік Анатолій Шыдлоўскі.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.